ДУ "Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей"

Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей заснаваны ў 1968 г. як школьны ў вёсцы Дукора, з 1969 г. – народны, у 1974-м стаў дзяржаўным. Арганізатарам і першым дырэктарам быў В.Н. Свістун.

З 1993 года музей размяшчаецца ў аграгарадку Блонь у сядзібным доме асветніка А.В. Бонч-Асмалоўскага, дзе створаны экспазіцыі: “Жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх”; “Народны побыт краю”; “Паселішчы Пухавіччыны”; “У гады ліхалецця. Вайна”; “Знакамітыя людзі краю”; “Літаратурная Пухавіччына”; “Мемарыяльны пакой Г.А.Бонч-Асмалоўскага”.

Тут знаходзяцца археалагічная калекцыя з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў – удзельнікаў розных падзей, прылады працы і хатняга ўжытку, інтэр’ер сялянскай хаты, прылады ручной апрацоўкі ільну, падзелкі саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі, фотадакументы, кнігі, асабістыя рэчы знакамітых людзей краю. У музеі прадстаўлена творчасць пісьменнікаў і паэтаў – ураджэнцаў Пухавіччыны і тых, хто меў дачыненне да гэтага краю.

У мастацкай галерэі музея (г. Мар’іна Горка, вул. Савецкая,13) экспануюцца карціны мастакоў Г.Ф. Бржазоўскага, Л.М. Гоманава, В.С. Барташэвіча, Л.Ф. Леўчанкі, А.М. Пашкевіча, Б.Ф. Рэпіна, З.А. Астаповіч, работы скульптара лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі А.М. Фінскага. Тут заснаваны “Зала прыроды роднага краю”; “Якуб Колас і Пухавіччына”; “Літаратурны пакой Алеся Бачылы”. У экспазіцыі “Якуб Колас і Пухавіччына” экспануюцца  асабістыя рэчы народнага песняра, даваенныя выданні.

У аддзеле музея “Героі і подзвігі” (г. Мар’іна Горка, вул. Новая Зара, сярэдняя школа № 3) шырока прадстаўлены матэрыялы аб Героях Савецкага Саюза – ураджэнцах Пухавіччыны і тых, хто меў дачыненне да гэтага краю.

У аграгарадку Блужа (базавая школа) працуе аддзел музея Героя Савецкага Саюза Мікалая Чэпіка. Матэрыялы аддзела апавядаюць пра кароткае  жыццё героя і іншых воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У вёсцы Гарэлец існуе аддзел музея “Партызанская слава”, дзе шырока прадстаўлены матэрыялы пра дзейнасць рудзенскіх падпольных райкомаў партыі і камсамола, партызанскіх брыгад “Беларусь”, “Буравеснік”, 2-й і 3-й Мінскіх, асобных атрадаў “Мсцівец” і імя Сталіна.

Агульная плошча музея і яго аддзелаў складае 1092 м2, экспазіцыйная  - 739 м2, выставачная – 156 м2, пад захаванне фондаў – 79,6 м2. Колькасць асноўнага фонду складае 13 670 адзінак, навукова-дапаможнага - 8660.

Дырэктар музея: Прысяжнюк Таццяна Уладзіміраўна

Нашы тэлефоны:

Краязнаўчы музей – 44-0-17

(аграгарадок “Блонь”)

Мастацкая галерэя – 34-1-43

(г. Мар’іна Горка, вул. Савецкая,13)

Аддзел музея “Героі і подзвігі” - 56-4-07

(г. Мар’іна Горка, вул. Новая Зара)

Аддзел музея  Героя Савецкага Саюза М. Чэпіка – (аграгарадок Блужа) - 96-1-69

Аддзел музея “Партызанская слава” - 23-4-58

(в. Гарэлец)